Узрост паступлення дзіцяці ў першы клас?
У адпаведнасці з артыкулам 159 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў 1 клас прымаюцца асобы, якім на 1 верасня адпаведнага навучальнага года спаўняецца шэсць і больш гадоў. Па жаданні аднаго з законных прадстаўнікоў дзіцяці дапускаецца прыём у 1 клас асобы, якой шэсць гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня адпаведнага навучальнага года.
Чым адрозніваецца арганізацыя навучання дзяцей у першых класах ад іншых класаў пачатковай школы?
Працягласць вучэбнага тыдня — 5 дзён. З мэтай забеспячэння паступовага пераходу з дашкольнай установы ў школу, вучэбным планам у першым класе прадугледжана на працягу верасня месяца правядзенне вучэбных заняткаў па праграме «Уводзіны ў школьнае жыццё». На працягу гэтага перыяду не праводзяцца навучальныя заняткі па матэматыцы, чытанню, пісьму. Настаўнік праводзіць з дзецьмі экскурсіі, мэтавыя прагулкі, фізкультурныя заняткі, развіваючыя гульні, вучыць дзяцей, як паводзіць сябе ў калектыве, вывучае гатоўнасць кожнага да школьнага навучання, аказвае дапамогу школьнікам у засваенні правілаў і форм паводзін у час вучэбных заняткаў, ва ўменні разумець змест пытанняў, якія задае настаўнік, у арганізацыі сваёй дзейнасці. З кастрычніка месяца праводзяцца ўсе навучальныя заняткі па прадметах вучэбнага плана. Для навучэнцаў 1 класа прадугледжана наступная арганізацыя адукацыйнага працэсу:
— урокі праводзяцца толькі ў першую змену;
— для захоўвання верхняга адзення і зменнага абутку, як правіла, выдзяляецца асобнае месца;
— кожны вучань забяспечваецца зручным рабочым месцам за партай ці сталом у адпаведнасці з ростам і станам слыху і зроку;
— падручнікі і дыдактычныя дапаможнікі рэкамендуецца захоўваць у школе;
— напаўняльнасць класа — не больш за 20 чалавек;
— у сярэдзіне трэцяй, самай працяглай чвэрці арганізуюцца дадатковыя канікулы на працягу аднаго тыдня;
— працягласць навучальнага занятка — 35 хвілін з абавязковым правядзеннем двух фізкультхвілінак па 1,5-2 хвіліны кожная;
— працягласць перапынкаў паміж навучальнымі заняткамі не менш за 10 хвілін, пасля другога ці трэцяга навучальнага занятка праводзіцца дынамічная паўза (хадзьба на свежым паветры) працягласцю не менш за 30 хвілін.
— хатнія заданні навучэнцам не задаюцца.