Страты Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

Перамога над ворагам была дасягнута цаной вялікіх ахвяр і страт беларускага народа. Нямецкія захопнікі пакінулі пасля сябе жудасны крывавы след, трагедыю і разбурэнне. Гэта быў загадзя распрацаваны і мэтанакіраваны план генацыду, знішчэння людзей, разрабавання нацыянальных каштоўнасцяў краіны, ліквідацыі дзяржаўнага ладу. На захопленай тэрыторыі нацысты парушылі ўсе міжнародныя прававыя нормы. Злачынствы акупантаў па сваёй масавасці і жорсткасці не ведалі сабе роўных ў навейшай гісторыі Беларусі. Па ацэнках спецыялістаў, Беларусь пацярпела ад гэтай вайны больш, чым якая-небудзь іншая краіна Еўропы.

Расследаваннем злачынстваў акупантаў і вызначэннем памераў страт ў вайне, займалася спецыяльна створаная Надзвычайная дзяржаўная камісія, якая абапіралася на дакументальныя сведчанні. На тэрыторыі Беларусі гэта работа вялася з пачатку 1944 г.

Матэрыяльныя страты, якія панесла Беларусь у перыяд акупацыі, складаюць 75 млрд. руб. (у цэнах 1941 г.), што ў 35 разоў перавышала бюджэт рэспублікі 1940 г.

 

На беларускай зямлі нямецкія захопнікі спалілі, разбурылі і разрабавалі 209 з 270 гарадоў і раённых цэнтраў (на 80-90% былі разбураны Мінск, Гомель, Віцебск), 9200 вёсак.

Агульныя статы прамысловасці склалі 6225 млн. руб. (у цэнах 1941 г.). Эканоміка рэспублікі па прамысловых і энергетычных магутнасцях была адкінута на ўзровень 1913 г. Акупанты спалілі і разбурылі 100465 прамысловых вытворчых будынкаў. Было знішчана ці вывезена ў Германію 10338 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку ўсе буйныя электрастанцыі (85% іх даваеннай колькасці).

Надзвычайная дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў выявіла, што маёмасныя страты сельскай гаспадаркі склалі 22471,9 млн. руб. Было знішчана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 машынна-трактарных станцый, 1200 тыс. сельскіх будынкаў, у тым ліку 421 тыс. жылых дамоў калгаснікаў.

Варварскімі метадамі планава знішчаліся і рабаваліся ўстановы культуры і навукі, адукацыі.

Згодна дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, з 1941 г. па 1944 г. было знішчана 10 музеяў, страты склалі 163,4 млн. руб. 8 музеяў былі поўнасцю разрабаваны. У краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы былі вывезены многія творы беларускага, рускага і заходнееўрапейскага мастацтва, у тым ліку каля 1700 твораў жывапісу і ікон, больш за 50 скульптур, шматлікія малюнкі, гравюры, музычныя інструменты, мэбля, якія захоўваліся ў Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. Толькі невялікая частка выкрадзенага была вернута Беларусі.

У гады вайны Беларусь пазбавілася свайго нацыянальнага сімвалу — Крыжа Ефрасінні Полацкай, унікальнай каштоўнасці, створанай у 1161 г. Была страчана і знакамітая калекцыя слуцкіх паясоў, у якіх ярка адлюстравана высокае мастацкае майстэрства і самабытнасць беларускага народа.

Амаль поўносцю была знішчана рэспубліканская сістэма бібліятэк, разрабаваны яе кніжны фонд, які складаў 10 млн. экзэмпляраў. Толькі з фондаў Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І.Леніна (у 1941 г. налічвалася 2 млн. тамоў) было страчана больш за 1,5 мільёна тамоў, сярод якіх рэдкія і старадрукаваныя выданні, рукапісы. Сёння каля 1 млн. тамоў застаецца нязнойдзенымі.

Былі разбураны 5 тыс. тэатраў і клубаў.

Акупантамі былі знішчаны Беларуская акадэмія навук і 24 навуковыя ўстановы.

За гады вайны былі спалены і разбураны 8825 з 12294 школ. Матэрыяльныя страты, нанесеныя ўстановам адукацыі рэспублікі, склалі 4,6 млрд. руб.

Але самай балючай і цяжкай стратай стала гібель людзей.

За гады акупацыі гітлераўцы правялі звыш 140 карных аперацый, падчас якіх поўнасцю ці часткова былі знішчаны 5454 вёскі. Жудасным сімвалам злачынстваў гітлераўцаў на беларускай зямлі стала вёска Хатынь, спаленая разам з жыхарамі. Яе лёс падзялілі яшчэ 618 сельскіх населеных пунктаў, 188 з якіх не адноўлены (дадзеныя ўдакладняюцца).

На тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва. Толькі ў вёсцы Трасцянец, дзе знаходзіўся адзін з самых буйных па колькасці знішчаных людзей нацысцкіх лагераў смерці, загінула 206500 чалавек. У адрозненні ад Асвенцыма, Майданэка і Трэблінкі ў ім знаходзілася галоўным чынам мясцовае насельніцтва. У 186 населеных пунктах былі створаны яўрэйскія гета. У мінскім гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чалавек, з якіх выжылі адзінкі. Беларускія вучоныя сцвяржаюць, што ў Беларусі за гады вайны было знішчана 715 тыс. яўрэяў.

Лічыцца, што ў перыяд акупацыі ў Германію на прымусовыя работы было вывезена каля 400 тыс. чалавек, у тым ліку 24 тыс. дзяцей.

Статыстыка сведчыць: калі да вайны на тэрыторыі Беларусі пражывала 9,2 млн. чалавек, то ў канцы 1944 г. — 6,3 млн. чалавек.

Па дадзеных Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, усяго на тэрыторыі БССР было забіта 2219316 чалавек грамадзянскага насельніцтва і военнапалонных. Пазней высветлілася, што гэтыя звесткі былі паменшаны, а дадезеныя па некаторых лагерах – недакладныя.  У гэтыя лічбы таксама не былі ўключаны байцы Чырвонай Арміі з ліку беларускіх жыхароў, якія  прапалі без вестак ці трапілі ў палон і загінулі там. Не былі ўлічаны і мірныя жыхары, вывезеныя ў Германію і загінуўшыя там. Сёння  некаторыя даследчыкі лічаць, што за гады Вялікай Айчыннай вайны загінула ад 2,5 да 3 і больш млн. жыхароў Беларусі, гэта значыць не менш, чым кожны трэці. 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.